Мой любімы Прарок

РАЗВІТАЛЬНЫ ХАДЖ

У дзясятым годзе хіджры наш уладар Прарок падрыхтаваўся да хаджу і загадаў мусульманам Медыны таксама рыхтавацца да хаджу. Ён паслаў вестку і тым, хто жыў за межамі Медыны. Тады ў Медыне сабраліся тысячы мусульман. Наш уладар Пасланнік Аллаха купіў для ахвярапрынашэння сто вярблюдаў. Перад тым як выправіцца ў дарогу, ён зрабіў гусль (поўнае амавенне). Ён расчасаў свае дабраславёныя валасы, намасціўся пахошчамі і надзеў свой ізар і рыду. Калі падрыхтоўка была скончана, наш любімы Прарок 25-га дня месяца зуль-каада пасля паўдзённага намазу выступіў з Медыны з караванам больш чым у трыццаць тысяч чалавек. Дарогай Шаджара яны прыйшлі ў Зуль-Хулайфу. Тут колькасць асхабаў перавысіла сорак тысяч. Яны правялі там ноч. Наш любімы Прарок загадаў прывесці аднаго са ста вярблюдаў, якіх ён вёў з сабой. Ён надрэзаў правы бок яго гарба, каб пайшла кроў, – знак таго, што гэта ахвярная жывёла, – павесіў яму на шыю дзве драўляныя сандалі і загадаў асхабам зрабіць тое самае. Ён здзейсніў намаз іхраму ў два ракаты. Уславіўшы Усявышняга Аллаха і падзякаваўшы Яму, наш уладар Сарвар аль-каінат памаліўся: «О мой Аллах! Зрабі гэта для мяне хаджам мабрур і прынятым, у якім няма крывадушнасці, паказухі і пагоні за славай». Ён увайшоў у стан іхраму і, калі Джыбрыль алейхіс-салям паведаміў яму, пачаў гучна вымаўляць талбію. Калі да яго далучыліся шаноўныя асхабы, зямля і неба загулі ад выгукаў талбіі: «Лаббайк! Аллахумма лаббайк! Лаббайк! Ля шарыка лака лаббайк! Інналь-хамда ван-німата лака валь-мулк, ля шарыка лак!…»

Яны ішлі дарогай Байда ў бок Малала. Асхабы цяклі за ім, нібы паводка. Па дарозе далучаліся ўсё новыя людзі. Калі ён прыйшоў у даліну Раўха, дзе здзяйснялі намаз каля сямідзесяці прарокаў, сярод іх і Муса алейхіс-салям, наш уладар Пасланнік Аллаха сказаў: «Гэтая даліна – адна з райскіх далін». Тут яны здзейснілі намаз. Адтуль яны рушылі ў Мунсараф, а ранішні намаз здзейснілі ў Асасе. Калі яны прыйшлі ў Лахй аль-Джамал, ён адчуў сябе нядобра, зрабіў хіджаму (кровапусканне) і спыніўся на стаянку ў мясцовасці Сукья. Калі яны прыйшлі ў Абву, дзе памерла яго шаноўная маці хазрат Аміна, ён наведаў яе магілу і заплакаў. Заплакалі і тыя, хто быў з ім. Потым яны дасягнулі Талаат аль-Ямана, Джухфы, Гадыр Хума, Кудайда і даліны Усфан. Тут наш уладар Прарок сказаў хазрат Абу Бакру: «Худ і Саліх алейхімас-салям праходзілі тут, вымаўляючы талбію хаджу; на іх былі абвязаныя вакол пояса плашчы і стракатая тканіна, і ехалі яны на маладых рыжых вярблюдах, повады якіх былі сплецены з валокнаў фінікавай пальмы».1 Праз Ганім, Марр аз-Захран і Сарыф яны прыйшлі ў Зі Тува. Правёўшы тут ноч і здзейсніўшы ранішні намаз, яны прайшлі Хаджун і праз узгорак Када ўвайшлі ў Мекку. Пасля шляху, які доўжыўся 10 дзён, яны прыбылі ў Мекку 4-га дня месяца зуль-хіджа. Калі далучыліся тыя, хто прыйшоў здзейсніць хадж з Емена і іншых краёў, колькасць мусульман перавысіла 90 тысяч. (Паводле аднаго паведамлення, іх было сто чатырнаццаць тысяч, а паводле іншага – каля ста дваццаці тысяч.)

«О мой Аллах! Зрабі гэта для мяне хаджам мабрур і прынятым, у якім няма крывадушнасці, паказухі і пагоні за славай» Святы хадзіс

Убачыўшы Байтуллах, наш уладар Пасланнік Аллаха памаліўся:

«О мой Аллах! Павялічы гонар, узнёсласць, веліч і пашану гэтага Дома. І павялічы гонар, веліч, пашану і дабрыню тых, хто шануе яго, здзяйсняючы хадж і ўмру».

І тады ён пачаў абрады хаджу (манасік). Увесь час хаджу ён жыў у намёце, пастаўленым у Абтаху, паміж Меккай і Мінай. Наш любімы Прарок 8-га дня (дзень Тарвія) месяца зуль-хіджа пайшоў у Міну, а 9-га дня (дзень Арафа) – на Арафат. Ён прыйшоў у даліну Урана, пасярэдзіне даліны Арафат, і спыніўся там. Пасля поўдня, седзячы на сваёй вярблюдзіцы, якая звалася Касва, ён прачытаў Развітальную хутбу і развітаўся з шаноўнымі асхабамі, радыяллаху анхум.2

ПРЫЙШОЎ ДА ЦЯБЕ!
О прытулак грэшнікаў, прыйшоў я шукаць у цябе прытулку!
Шмат благога я нарабіў – прыйшоў цябе ўмольваць!
Збочыў я ў цёмныя мясціны, увяз у балотах,
Прыйшоў да крыніцы святла, што асвятляе прамы шлях.
Адна ў мяне засталася душа, о душа ўсіх душ!
Ці ж прыстала мне сказаць: «Прыйшоў ахвяраваць душой»?
Ты – лекар для пакутных, а я – хворы сэрцам.
Каб вылечыць рану сэрца, прыйшоў я пагрукаць у твае дзверы.
Да дзвярэй шчодрых несці нешта – памылка;
Прыйшоў цалаваць зямлю, якую ты ўшанаваў сваімі крокамі.
Грахоў у мяне шмат, як гара, твар чорны, як смала!
Прыйшоў зусім вызваліцца ад гэтага цяжару і чарнаты.
Усё ачысціць, вядома, адна кропля з мора тваёй ласкі,
Хоць і прыйшоў я з кнігай учынкаў, чорнай, як мой твар.
Каб жа мог я прыпасці тварам да тваіх дзвярэй, о любы, даражэйшы за душу!
Чаго не зробіш вадою, тое даецца той зямлёю!