Мой любімы Прарок

ПЕРЫЯД МЕДЫНЫ АЛЬ-МУНАВВАРА

З хіджрай нашага любімага Прарока ў Медыну дванаццатага дня месяца рабі аль-аўваль трынаццатага года пасля бісату, у 622 годзе н. э., пачаўся перыяд Медыны, які павінен быў доўжыцца дзесяць гадоў. Калі наш уладар Прарок ушанаваў дом хазрат Халіда ібн Зайда Абу Аюба аль-Ансары, ён палічыў за лепшае жыць на ніжнім паверсе і пасяліўся там.1 Так гэтаму дабраславёнаму чалавеку выпаў гонар прыняць Уладара Сусвету і даць яму прытулак у сваім доме.

Хазрат Халід расказваў: «Калі Пасланнік Аллаха ўшанаваў мой дом, ён палічыў за лепшае жыць на ніжнім паверсе. А мы жылі на верхнім паверсе і вельмі з-за гэтага перажывалі. Аднойчы я сказаў: „Няхай мае маці і бацька будуць ахвярай за цябе, о Пасланнік Аллаха! Маё сэрца не можа змірыцца з тым, што я жыву наверсе, а ты – унізе, мне гэта здаецца нядобрым. Мне гэта вельмі цяжка. Калі ласка, згадзіся жыць наверсе, а мы будзем унізе“. Тады ён сказаў: „Абу Аюб! Нам лепш і зручней быць на ніжнім паверсе дома“. Ён палічыў, што лепш застацца ўнізе, каб было зручней сустракацца з наведвальнікамі. І мы заставаліся на верхнім паверсе дома.

Аднойчы ў нас разбіўся збан з вадой. Баючыся, што вада будзе капаць на Пасланніка Аллаха і патурбуе яго, мы з жонкай адразу накрылі разлітую ваду нашай адзінай аксамітнай коўдрай, якой укрываліся».

Абу Аюб аль-Ансары вельмі няёмка адчуваў сябе на верхнім паверсе. Нарэшце ён сам перабраўся ўніз, а нашага ўладара Пасланніка Аллаха пасяліў наверсе. Хазрат Абу Аюб расказваў: «Мы заўсёды гатавалі вячэру і пасылалі яе нашаму ўладару Пасланніку Аллаха. Калі ён адсылаў нам тое, што засталося, мы з жонкай Умм Аюб шукалі месцы, да якіх дакранулася рука Пасланніка Аллаха, елі адтуль і так атрымлівалі благадаць. Аднойчы ўвечары Пасланнік Аллаха вярнуў страву з цыбуляй ці часныком, якую мы прыгатавалі і паслалі яму. Не ўбачыўшы на ёй следу яго рукі, я з плачам пайшоў да яго і сказаў: „О Пасланнік Аллаха! Няхай мае маці і бацька будуць ахвярай за цябе! Ты вярнуў вячэру, але я не ўбачыў на ёй следу тваёй дабраславёнай рукі. А мы з Умм Аюб заўсёды шукаем у ежы, якую ты вяртаеш, месцы, да якіх дакранулася твая рука, і так атрымліваем благадаць“. Пасланнік Аллаха (саллаллаху алейхі ва саллям) сказаў: „Я адчуў у гэтай гародніне пах. Таму я яе не еў. Я – чалавек, які размаўляе з анёлам“. Я запытаўся: „Ці тая ежа харам (забароненае)?“ Ён сказаў: „Не! Але яна мне не спадабалася з-за паху“. Калі я сказаў: „Тое, што не падабаецца табе, не падабаецца і мне!“, наш Прарок сказаў: „А вы яе ешце“. Тады мы яе з’елі і больш ніколі не гатавалі для Пасланніка Аллаха ежы з гэтай гароднінай.

Яшчэ аднойчы я прыгатаваў столькі ежы, каб хапіла нашаму ўладару Пасланніку Аллаха і Абу Бакру, і аднёс ім. Пасланнік Аллаха сказаў: „Абу Аюб! Запрасі трыццаць чалавек са знатных ансараў“. Пакуль я думаў пра тое, як мала ежы, і пра тое, што, магчыма, Найшляхетнейшы Пасланнік лічыць, што яе шмат, ён зноў сказаў: „Абу Аюб! Запрасі трыццаць чалавек са знатных ансараў“. З тысячай думак у галаве я запрасіў трыццаць ансараў, і яны прыйшлі. Яны елі тую ежу і наеліся. Зразумеўшы, што гэта цуд, тыя, хто прыйшоў, яшчэ больш умацаваліся ў веры і яшчэ раз далі прысягу. Потым яны пайшлі. Калі гэтыя выбраныя асхабы пайшлі, ён на гэты раз сказаў: „Запрасі шэсцьдзясят чалавек“. Убачыўшы, што праз цуд ежы не паменела, я яшчэ больш узрадаваўся і запрасіў да Пасланніка Аллаха шэсцьдзясят чалавек.

«Дайце вярблюдзіцы дарогу! Ёй загадана, дзе легчы» Святы хадзіс

Медына аль-Мунаввара і яе ваколіцы

Яны прыйшлі і елі тую ежу. Усе яны пацвердзілі цуд Пасланніка Аллаха і пайшлі. Потым ён сказаў: „Пакліч дзевяноста чалавек з ансараў“. Я паклікаў, і яны прыйшлі. Па загадзе Пасланніка Аллаха яны садзіліся за стол па дзесяць чалавек і елі. Усе яны ўбачылі гэты вялікі цуд і пайшлі. Так ежу елі сто восемдзесят чалавек. А ежы было столькі ж, колькі я прынёс, і выглядала яна так, нібы да яе ніхто не дакранаўся».2

Братэрства ансараў і мухаджыраў

Каб у Медыне аль-Мунаввара ўсталявалася яшчэ мацнейшая еднасць, наш уладар Прарок зрабіў братамі мухаджыраў, якія перасяліліся, і ансараў, якія прытулілі іх у сваіх дамах. Калі хазрат Алі застаўся апошнім, ён падумаў, што пра яго забыліся, і запытаўся: «О Пасланнік Аллаха! Ты забыўся пра мяне?» Тады Уладар сусветаў сказаў: «Ты мой брат і ў гэтым свеце, і ў вечным». Гэтае братэрства грунтавалася на ўзаемадапамозе – і матэрыяльнай, і духоўнай. Так хоць крыху павінен быў развеяцца сум ад разлукі з радзімай, домам і сваякамі. Мусульмане Медыны і так ужо адкрылі абдымкі для сваіх братоў-мухаджыраў, якія пакінулі радзіму, каб жыць паводле рэлігіі Усявышняга Аллаха і шырыць яе, запрасілі іх у свае дамы і з усіх сіл стараліся ва ўсім ім дапамагаць. Дзякуючы гэтаму братэрству яны яшчэ больш сардэчна зблізіліся адзін з адным. Наш уладар Пасланнік Аллаха зрабіў кожнага мухаджыра братам такога ансара, характар якога адпавядаў яго характару. Гэтае братэрства было такім, што яны маглі дзяліць нават маёмасць, якая засталася ім ад бацькоў.3

Кожны жыхар Медыны дзяліў папалам сваю зямлю, вінаграднік, сад, дом, маёмасць – карацей, усё, што меў, і з радасцю аддаваў палову свайму брату-мухаджыру. Хазрат Абдуррахман ібн Аўф, адзін з мухаджыраў, расказваў: «Калі мы перасяліліся ў Медыну аль-Мунаввара, наш уладар Пасланнік Аллаха зрабіў мяне братам Саада ібн Рабі. Тады мой брат Саад сказаў мне: „Брат мой Абдуррахман! Па маёмасці я найбагацейшы з мусульман Медыны. Я падзяліў сваю маёмасць папалам, і палова – твая“. А я сказаў: „Няхай Усявышні Аллах зробіць тваю маёмасць дабраславёнай і карыснай для цябе. Мне маёмасць не патрэбна. Толькі завядзі мяне на ваш рынак, дзе вы гандлюеце, – і гэтага досыць“».

Такая ахвярнасць была магчымая толькі дзякуючы ісламскаму братэрству. Ад часоў Адама алейхіс-салям і да таго часу было шмат перасяленняў. Але ніколі не было такой поўнай сэнсу і ўзнёслай хіджры, ніколі не было такога любоўнага зліцця і такіх шчырых абдымкаў паміж прыбышамі і мясцовымі жыхарамі. Так і Усявышні Аллах паводле сэнсу сказаў: «Вернікі – браты».4 Гэтым было паказана, што сапраўдная любоў і шчырасць магчымыя не дзякуючы матэрыяльнай выгадзе, а толькі дзякуючы веры і перакананню. Такі стан шаноўныя асхабы атрымлівалі ад адной толькі гутаркі (сохбат) з нашым уладаром Пасланнікам Аллаха. Духоўнае святло (файд) і благадаць, нібы моры, што б’юць з дабраславёнага сэрца нашага любімага Прарока, цяклі ў сэрцы шаноўных асхабаў, і таму яны любілі адзін аднаго з нябачанай самаахвярнасцю і ставілі сваіх братоў вышэй за сябе.

«О мой Госпадзе! Зрабі Медыну любай для нас, як любая нам Мекка. Зрабі яе любейшай за Мекку. О мой Госпадзе! Дай благадаць нашым мерам і пасудзінам. Зрабі горад Медыну для нас здаровым. Зрабі яе паветра добрым!» Святы хадзіс

У гэтым новым цэнтры ісламу ансары і мухаджыры, узяўшыся за рукі і аб’яднаўшы сэрцы, далі адзін аднаму слова, што дзеля ўмацавання рэлігіі іслам пойдуць на любую ахвяру і ў рэшце рэшт дасягнуць ступені шахіда. Так яны згуртаваліся вакол Пасланніка Аллаха і, трымаючыся асноў рэлігіі іслам, будавалі новы парадак і шчаслівае жыццё. З падзеяй хіджры іслам ужо зрабіў першы крок на шляху да таго, каб стаць «дзяржавай». А Медына аль-Мунаввара станавілася калыскай і цэнтрам рэлігіі іслам.

У Медыне, акрамя шаноўных асхабаў, жылі таксама хрысціяне, габрэі і ідалапаклоннікі. Габрэі складаліся з трох плямёнаў: Бану Кайнука, Бану Курайза і Бану Надр. Яны былі вельмі варожа настроены да ісламу і асабліва да нашага любімага Прарока.

Тым часам ідалапаклоннікі Меккі ўбачылі для сябе вялікую небяспеку ў тым, што наш уладар Прарок у Медыне згуртаваў сваіх асхабаў, зрабіўшы іх братамі. Калі б яны хутка не спынілі гэтага, мусульмане маглі б узмацніцца, напасці на Мекку і адабраць у іх землі, дамы і родныя мясціны, якія мусульмане пакінулі… Ад ідалапаклоннікаў Меккі, якія так думалі, мусульманам Медыны пачалі прыходзіць лісты з пагрозамі. У адным з гэтых лістоў было напісана: «Сапраўды, ніводнае з арабскіх плямёнаў, з якімі ў нас варожасць, не раззлавала нас так, як вы. Бо вы павінны былі выдаць нам чалавека, які належыць да нас, а вы дапамаглі яму, прынялі яго з распасцёртымі абдымкамі і абаранілі. Гэта вельмі вялікая ваша віна. Калі ласка, не стойце паміж ім і намі і пакіньце яго нам. Калі яго справы пойдуць добра, найбольш узрадуемся мы. А калі не, то наставіць яго на розум – таксама наша справа!..»

На гэты ліст хазрат Кааб ібн Малік напісаў вельмі прыгожы адказ, у якім услаўляў нашага Прарока.

Ідалапаклоннікі Меккі гэтак жа пісалі лісты з пагрозамі і ідалапаклоннікам Медыны. Ім яны таксама пагражалі: «Калі вы не выганіце нашага чалавека са свайго горада або не заб’еце яго, мы пойдзем на вас, заб’ем вас і возьмем вашых жанчын сабе ў служанкі!..»

Пасля гэтага ідалапаклоннікі Медыны сабраліся вакол мунафіка Абдуллаха ібн Убая і вырашылі нашкодзіць нашаму ўладару Пасланніку Аллаха, як толькі выпадзе зручны момант.

Даведаўшыся пра гэта, мусульмане рабілі ўсё, што маглі, каб абараніць нашага любімага Прарока, і моцна згуртаваліся вакол яго. Дайшло да таго, што ўначы яны не маглі выйсці на вуліцу і не маглі спаць у сваіх дамах.

Убай ібн Кааб расказваў: «Калі наш уладар Пасланнік Аллаха і яго асхабы ўшанавалі Медыну аль-Мунаввара, мусульмане сталі мішэнню для варожасці арабскіх плямёнаў-ідалапаклоннікаў. Асхабы са зброяй да самай раніцы стаялі на варце».

Шаноўныя асхабы сталі як адно цела і ў небяспечныя хвіліны з усіх сіл спяшаліся на дапамогу сваім братам-мусульманам. Першым сярод іх быў наш любімы Прарок. Як наш уладар Пасланнік Аллаха быў першы ў кожнай добрай якасці, так ён быў наперадзе сваіх асхабаў і ў адвазе. У якую б гадзіну ночы ні пачуўся крык, наш Прарок на сваім кані маланкай апыняўся там раней за ўсіх, паведамляў сваім асхабам, што няма чаго баяцца, і супакойваў іх.

«Алі! Ты мой брат і ў гэтым свеце, і ў вечным» Святы хадзіс

Зноў прыйшоў той месяц,
калі нарадзіўся султан двух светаў.
Зноў прыйшоў той месяц,
калі нарадзілася крыніца ведаў і пазнання.
Хай прыходзяць тыя, хто шукае заступніцтва,
хай радуюцца тыя, хто яго любіць,
зноў прыйшоў той месяц,
калі нарадзіўся той, у каго добры нораў.
Зноў прыйшоў той месяц,
калі поўня ў цемры, ранішняе сонца,
ружа ружовага саду Аллаха,
Хабіб Ісціны Мустафа нарадзіўся.
Дзе ж верны закаханы? –
хай знойдуць спакой яго душа і цела,
зноў прыйшоў той месяц,
калі нарадзілася скарбніца таямніцы Ісціны.
Хто яго любіць, о Худаі,
той дасягнуў сваёй мэты,
зноў прыйшоў той месяц,
калі нарадзіўся гонар свету, найлепшы з людзей.

Старая выява Медыны

Масджыд ан-Набаві / Медына аль-Мунаввара

Участак, на якім легла вярблюдзіца Касва нашага ўладара Пасланніка Аллаха (саллаллаху алейхі ва саллям), калі ён перасяліўся ў Медыну аль-Мунаввара.

Наш любімы Прарок купіў гэты ўчастак і пабудаваў на ім мячэць.

Ён памёр у сваім доме, які прылягаў да гэтай мячэці,

і яго дабраславёная магіла была зроблена ў гэтым пакоі.

Пазней у гэтым пакоі былі пахаваны хазрат Абу Бакр і хазрат Умар (радыяллаху анхума).

Паведамляецца, што Іса алейхіс-салям будзе пахаваны

на месцы для аднаго чалавека побач з імі.